ПЯРЭ́ДНІ МО́ЗГ,

пярэдні аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з пярэдняга мазгавога пузыра. У кругларотых і рыб — мазгавая ч. нюхальнага аналізатара, выконвае пераважна ролю цэнтр. рэгулятара дзейнасці органаў нюху. У земнаводных і паўзуноў П.м. ускладняецца, падзяляецца на прамежкавы і канечны мозг; уключаецца ў кіраванне складанымі формамі паводзін. У птушак і млекакормячых падзел П.м. найб. выразны. У наземных жывёл з развіццём П.м. як органа вышэйшай нерв. дзейнасці ўзнікае дзяленне рэфлекторнай дзейнасці на сістэму складаных безумоўных (інстынктаў) і ўмоўных (мазгавая кара) рэфлексаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)